Апісанне твора
Першая манументальная работа А.А.Бембеля – 18 шматметровых барэльефных кампазіцый, паслядоўна размешчаных у выглядзе фрызаў у інтэр'ерах Дома ўрада ў Мінску (пабудавана з 1930 па 1934 г. па праекту архітэктара І.Г.Лангбарда).
Гэты найбуйнейшы дзяржаўны заказ 26-гадовы скульптар атрымаў, перамогшы ў конкурсе неўзабаве пасля заканчэння ў 1931 годзе вучобы ў Акадэміі мастацтваў. Першая жонка і аднакурсніца А.А.Бембеля па Акадэміі скульптар Вольга Дзядок піша ва ўспамінах: «Самае асноўнае, чым мы цяпер жылі - гэта кампазіцыя эскізаў рэльефаў для Дома ўрада. Тэмай была гісторыя сусветнага рэвалюцыйнага руху. Мне вельмі падабаліся накіды Андрэя - жывыя, свежыя і дынамічныя. …Калі Андрэй паехаў з эскізамі ў Менск, то вярнуўся дадому з поўнай перамогай».
Для выканання скульптурнага афармлення будынка (акрамя рэльефаў, гэта былі бюсты заснавальнікаў камунізму і герояў рэвалюцыйнага руху) мастацкі аддзел будаўніцтва Дома ўрада зацвердзіў дзве брыгады скульптараў пад кіраўніцтвам М.А.Керзіна. Увесну 1932 гады брыгады прыступілі да працы.
Генеральнае назіранне за скульптурнымі работамі ажыццяўлялі аўтар архітэктурнага праекта І.Г.Лангбард і аўтар помніка У.І.Леніну перад уваходам у Дом урада М.Г.Манізер (па яго эскізах таксама была выканана частка ўнутранага афармлення Залы з'ездаў). чытаць далей
У ажыццяўленні зацверджаных эскізаў найбольш цесна побач з А.А.Бембелем працавалі Уладзімір Рытэр са сваёй жонкай Валянцінай Рубанік і Георгій Ізмайлаў – яго аднакашнікі па Акадэміі мастацтваў, а таксама Аляксей Глебаў, які нядаўна скончыў Віцебскі тэхнікум. Вольга Бембель-Дзядок, якая далучылася да брыгады крыху пазней пачатку работ, піша ва ўспамінах: «Яшчэ калі эскізы Андрэя былі прынятыя, паўстала пытанне: хто ж будзе выконваць, каго запрасіць з Ленінграда. І я назвала Рытэра. Андрэй падхапіў ідэю і напісаў. Рытэр і Валя прыехалі ахвотна. …Уся група скульптараў была маладзёжная. Кіраваў рэльефамі Мацвей Генрыхавіч Манізер, любімы прафесар Андрэя. Брыгадай лепіцеляў бюстаў кіраваў Керзін Міхаіл Аркадзьевіч, той самы, да якога так паважліва ставіўся Бах, наш Раман Раманавіч».
Скульптары і жылі, і працавалі прама ў будынку Дома ўрада, дзе па распараджэнні Старшыні Саўнаркама БССР М.М.Галадзеда для майстэрняў былі адведзены два вялікія памяшканні. Адно з іх, размешчанае на другім паверсе левага крыла будынка, было аддадзена А.Бембелю і Ў.Рытэру для працы над рэльефамі.
У асноўным там і былі створаны ўсе 18 гарэльефных кампазіцый аўтарства А.Бембеля. Гэта:
- цыкл з 5 кампазіцый (1932-1934), размешчаных над уваходам у Залу кулуараў і аб'яднаных агульнай тэмай «Рэвалюцыйная барацьба ў мінулым»: «Парыжская Камуна» (у цэнтры); злева - «Барыкады 1948 года ў Парыжы» і «Гракх Бабеф. Змова “роўных” 1796 года»; справа - «Абвяшчэнне Камуністычнага Маніфеста» і «Паўстанне Саюза Спартака»;
- цыкл з 5 кампазіцый (1932-1934) на сцяне насупраць уваходу ў Залу кулуараў, аб'яднаных агульнай тэмай «Сацыялістычнае будаўніцтва і рэвалюцыйная барацьба працоўных у капіталістычных краінах»: «Першая пяцігодка ў дзеянні» (у цэнтры); злева - «Сялянскае паўстанне ў Заходняй Беларусі, акупаванай буржуазнай Польшчай у 1923-1924 гадах» і «Эрнст Тэльман - лідэр Камуністычнай партыі Германіі», справа - «Рэвалюцыйны Кітай» і «Каланіяльныя народы паднімаюцца на рэвалюцыйную барацьбу»;
- цыкл з 7 кампазіцый (1934-1936) унутры залы пасяджэнняў Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, аб'яднаны агульнай тэмай «Будаўніцтва сацыялізму ў Беларусі»: «Юныя авіямадэлісты», «За зборкай машын», «У лабараторыі вучонага», «Тэатр», «Архітэк і скульптура», «Па слядах Мічурына» і «Адпачынак і фізкультура»;
- гарэльефная кампазіцыя «Народ Краіны Саветаў», прысвечаная героіцы сацыялістычнага будаўніцтва і размешчаная на сцяне за прэзідыумам у зале з'ездаў Дома ўрада. Эскіз кампазіцыі быў распрацаваны А.Бембелем, а работы ў натуры выкананы пры дапамозе В.Рытэра і Г.Ізмайлава пад наглядам М.Манізера;
У дадзеным выпадку для М.Манізера была важная ўзгодненасць гэтай цэнтральнай для залы кампазіцыі з двума кутнімі барэльефамі (абодва па 10 метраў), якія акружаюць знешнюю і ўнутраную бакавыя сцены - «Кастрычнік у Петраградзе» і «Кастрычнік у Беларусі». Эскізы гэтых фрызаў былі створаны самім М.Г.Манізерам, а А.Бембель удзельнічаў у іх выкананні ў натуральным памеры ў складзе калектыва скульптараў пад кіраўніцтвам М.А.Керзіна.
Скульптурнае афармленне інтэр'ераў Дома ўрада БССР стала школай майстэрства для А.А.Бембеля, як і для ўсіх маладых скульптараў, якія ўдзельнічалі ў праекце. Цеснае супрацоўніцтва з такімі выдатнымі майстрамі як І.А.Лангбард, М.Г.Манізер і М.А.Керзін дазволіла на практыцы асвоіць прынцыпы маштабна-прасторавага суаднясення архітэктурнай прасторы і скульптуры і справіцца з гіганцкім аб'ёмам праекта на такім узроўні, што архітэктурна- скульптурны ансамбль Дома ўрада ў Мінску адразу ўвайшоў у лік хрэстаматыйных узораў, стаўшы для многіх савецкіх архітэктараў і скульптараў эталонам сінтэзу скульптуры і архітэктуры. схаваць частку




















Фрагмент з дакументальнага фільма «Андрэй Бембель: Смерць, Перамога, Слава» (2009г., аўтар сцэнарыя - Таццяна Бембель, рэжысёр-пастаноўшчык - Андрэй Куціла).



