Апісанне твора
Назва: Беларуска. Хлеб-соль
Год(Гады) стварэння: 1954
Барэльеф
Гіпс, таніроўка
Памеры: 80 х 60
Месцазнаходжанне: Нацыянальны мастацкі музей, Мінск, Беларусь
Барэльеф «Беларуска. Хлеб-соль» – адзін з лепшых станковых твораў Андрэя Бембеля (1905–1986). Упісаная ў вертыкальны фармат залатога сячэння жаночая паўфігура, якая трымае ў руках на вышываным ручніку каравай з сальніцай і вітае госцяў, прымушае ўспомніць антычныя ўзоры высокай класікі сваёй вольнай пластычнай тонкасцю і адмысловым адчуваннем дынамікі ў супакоі. Галава жанчыны, прыбраная сплеценымі ў касу валасамі, дадзена амаль у профіль, плечы ж разгорнутыя ў тры чвэрці: гэты найлягчэйшы, які нібыта толькі нараджаецца, паварот галавы направа, у бок нябачных нам госцяў, стварае эфект унутранага руху пры вонкавай статыцы – тое, што зачароўвае ў барэльефах Парфенону. Вядомы ў антычнасці прыём так званых «вільготных» зморшчын, што абліпаюць плечы і грудзі і падкрэсліваюць формы квітнеючага цела, ужыты тут у трактоўцы нацыянальнага адзення. Складаны рытм зморшчын святочнай кашулі-«вышыванкі» падтрыманы больш брутальнымі заломамі льнянога ручніка і хваліста-круглявымі акрайцамі караваю, ад якога амаль рэальна адчуваюцца пах і цеплыня. Строгі на першы погляд барэльеф поўны яркай цялеснасці: лепка твару, шыі, рук і валасоў узнікла з пяшчотныхі, поўных кахання дакрананняў.
Барэльеф створаны ў 1954 годзе, у перыяд, калі скульптар ужо некалькі гадоў працаваў над жаночымі вобразамі, якія алегарычна сімвалізуюць Беларусь. Ужо была створана велічная статуя, якая вянчае беларускі павільён на ВДНГ у Маскве (1951-1952 гг.), адначасова ствараўся гарэльеф "9 мая 1945 года" для манумента Перамогі ў Мінску (1954), дзе падобны жаночы персанаж дадзены ў больш экспрэсіўным варыянце. Адзін з адліўкаў барэльефа “Беларуска. Хлеб-соль» захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску, другі ўсё жыццё скульптара вісеў ля ўваходу ў яго гасціннай хлебасольнай хаце, сустракаючы кожнага, хто прыходзіў.
